Дождж насцёбваў, біў у парасон...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Дождж насцёбваў, біў у парасон,
Што падатліва ад ветру гнуўся,
Засякаў на мокрае крысо
і спадаў, і да зямлі імкнуўся.

Ты пайшоў. А я не веру… Сон.
Гэта сон, і хутка я прачнуся.
Ты пайшоў і сэрцы ва ўнісон
Больш не б’юцца –
свет перавярнуўся.

Словы – прыкрасць, вострае лязо.
Розумам з адчаю б не крануцца.
Ты пайшоў. А я не веру… Сон.
Толькі сон. Ды сіл няма прачнуцца.

Дождж захлістваў, рваў мой парасон.
Роспач… Хоць бы ў ёй не захлынуцца.
Ты пайшоў, каб не застацца зноў.
Ты пайшоў…
Каб болей не вярнуцца.