На ростанях

Ваша адзнака: Нет (4 галасоў)

Як подых вясновы нам кружыць галовы
У класе дзесятым на ўскрайку зiмы,
Нязвыкла хвалюе нас роднае слова:
Праходзiм «На ростанях» Коласа мы...

Чароўная кветка Палесся, Ядвiся,
Ў юнацкiя сэрцы твой вобраз запаў.
I я свам новым пачуццям здзiвiўся, –
Што свет незвычайней, яскравей мне стаў.

Каму з аднакласнiкаў выпала шчасце
Чароўную кветку кахання знайсцi
I потым не страцiць? Бо ведаю: з часам
Праз ростанi ўсiм давялося прайсцi...

Чароўная кветка Палесся, Ядвiся, –
Зямны i нябесны агеньчык вясны.
Чароўнаю кветкай Купалля Ядвiсяй –
Мая аднакласнiца часта мне ў сны...

Ёсць кветкi любовi, надзеi i мроi,
Як вобраз Ядвiсi, ў душы ёсць маёй,
I дасць Бог застануцца вечна са мною
I нават на ростанi з мiлай Зямлёй...

Чароўная кветка Палесся – Ядвiся...
Зноў вецер навеяў юнацтва ўспамiн...
I перад адлётам у зорныя высi
Ўсмiхнецца душа, ўсхваляваная iм...