На вуліцы Сухой у змроку радасным...

Яшчэ не ацэнена

На вуліцы Сухой у змроку радасным
Мы дыхалі забытаю лавандай,
Лагчынаю прыйшлі ў завулак Транспартны
I дом убачылі з бярозай і верандай, —

Драўляны сон. I ты ўздыхнула весела:
"Мы купім гэты сон — увесь ці частку,
Ці хоць веранду, што ў халодным месяцы
На рамантычную падобна пастку.

Пакуль у пастцы салавей з гародчыка
Не стоміцца круціць сваю катрынку,
Я нарадзіць табе хацела б хлопчыка,
Калі не хлопчыка — тады дзяўчынку..."

I змоўкла ты, як лютня адбалелая.
Я ўдзячны быў за гэтае прызнанне,
Як і за тое, што бяроза белая
Шумела, як метафара змяркання.

Не ведаю — маё яно ці ўкрадзена,
Але ж прышло такое разуменне:
Жанчына хоча больш, чым Богам дадзена,
Мужчына тое ж хоча, толькі меней.

I я вось гэтым "меней" заахвочаны,
I выбар свой апраўдваю высновай,
Што беларусы — нацыя жаночая
Не з бацькавай, а з матчынаю мовай...

Мы йшлі далей, і колер фіялетавы
Усё гусцеў і не рабіўся іншы,
I на Тэатр музычнае камедыі
Ляцелі фіялетавыя вішні.