Не папракай

Яшчэ не ацэнена

Не папракай, схіліўшыся ў журбе,
Што я не ўсё аддаў адной табе.
Аддаць усё – як трапіць у палон.
Адной табе навошта гэты звон
Бароў зарэчных, гамана крыніц?
Перад табой я не падаў ніц.
Не падаў ніц. Я тым шчаслівы быў,
Што лёс нам шчасце пораўну дзяліў.

А як цяпер нам шчасце зберагчы,
Калі нам зябка поруч у начы,
Калі зліліся і зіма і лета?
А гэта ўжо найгоршая прыкмета.
Найгоршая прыкмета. І таму
Суровы лёс пачуцці нашы ў зморы,
Як арыштантаў, кінуў у турму
І браму зачыніў на ўсе запоры.

Я рукі працягну табе праз краты:
- Каханая! У чым я вінаваты?
Замкнёнае маўчаннем, як замкамі,
Каханне халадзее паміж намі.
У чым віна мая? Відаць у тым,
Што я, зачараваўшыся табою,
Цябе ўяўляў істотаю святою,
А для цябе – звычайным быў, зямным.

Здавён дзівосы любіць грамада
І з дзівакоў смяецца для настрою.
Не ведаў я, што рэўнасці бяда
Ужо цікуе з-за вугла за мною.
Цябе ўзнімаючы усё вышэй, вышэй
Над цэлым светам і ў вачах людзей,
Я так цябе уславіў да нябёс,
Што да нябёс тых сам я не дарос.

Не папракай, схіліўшыся ў журбе,
Што я не ўсё аддаў адной табе.
Аддаць усё – як трапіць у палон.
Але, ці быў калі салодкі ён?
Няпраўда, ён салодкі не бывае,
Ды і каму патрэбны ён, калі
Адзін у паднябессі дзесь лунае,
Другі – пакутна ходзіць па зямлі.