Ты жывеш далёка ад мяне...

Яшчэ не ацэнена

Ты жывеш далёка ад мяне,
Дзе Бяроза берагі цалуе.
Я з табой бываю толькі ў сне —
Маё сэрца па табе сумуе.

I калі між клёнаў залатых
Ў інстытут спяшаю раніцою,
Уяўляю: недзе йдзеш і ты
У свой клас з вясёлай дзетварою.

Прыгадаю лекцыяй падчас:
Быць бы мне тваім сягоння вучнем...
Я б з увагай слухаў твой расказ
I урокі ўсе на «пяць» вывучваў.

I мяне на ўроку пры усіх,
Можа б, ты не раз і пахваліла.
Як шкада, што дзён вучнёўскіх тых
He вярнуць ужо ніякай сілай.

Ды і ты далёка ад мяне
Першы год настаўніцай працуеш,
Дзе ракіты дрэмлюць, нібы ў сне,
Дзе Бяроза берагі цалуе.