Вее вецер

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)

Вее вецер – лёгкі подых,
На дарозе снежны пыл.
Перажытага не шкода,
Маладым бы толькі быць!

Ды не ўмелі, мусіць, вочы
Зберагчы агонь жывы…
Помню толькі стан дзявочы,
Муражныя паплавы.

Помню ціхі зорны вечар,
Пад праменнем трапяткім
Косы падалі на плечы
Вадаспадам залатым.

Вусны рдзелі, як маліны…
Што было – таго не знаць:
Сведкі ж немыя, дзяўчына, -
Што раскажа сенажаць?!

А цяпер я хмуру бровы –
Восень, вецер, снег і дождж…
Эх, лясы мае, дубровы,
Знаць, і вам кахання досць!

І са шчок ірдзень спадае,
Вяне ўсмешка на губах.
Дзе ж ты, радасць маладая,
Саду бэзавага пах?!

Іншыя вершы аўтара