Я прыйшоў да вас

Яшчэ не ацэнена

Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што за горадам ноч, як дзень:
Каля рэчак вербы не спяць,
Ясны месяц стаіць у вадзе.

Там, пры сцежцы, ажыны цвітуць,
Май шугае праз берагі.
Там дзве пары слядоў вядуць
У някошаныя мурагі.

Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што не раз можна ў свеце кахаць:
Гэта ўсё хлусня, ўсё мана,
Што любоў на зямлі адна.

Хай замерла зямля, як струна,
Хай замоўкла ў палоне сноў,
Цёплым крыллем махне вясна —
Расцвітаюць яблыні зноў.

Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што няма на зямлі небыцця:
Будзе вечна пад сонцам граць
Залатое кола жыцця.

Як заманліва ўсё наўкол!
Правады на слупах гудуць.
Недзе рэжа сінь ледакол,
Электрычкі па свеце бягуць.

Я прыйшоў да вас, каб сказаць,
Што для нас гэта зоры гараць,
Што не згасне ў крыві маладосць
I што шчасце на свеце ёсць!