Прамоўлю словы – і ўва мне
Ўраз цішыня ўзрываецца.
Змясціўся месяц на акне
І міленька ўсміхаецца.
Смяюцца зоркі, аж дрыжыць
Увесь пакой ад радасці.
І столь, і сцены сталі жыць
І маладзець ад даўнасці.
Паклічу ціха – да мяне
Заходзіш ты, мой ласкавы,
Не, не на яве, і не ў сне
Апанаваны казкамі.
Гадзіннік гучна ў скроні б’е –
Касмічны час спыняецца:
І ты ўва мне, а я ў табе –
Аж цішыня ўзрываецца.