Алег Мінкін

Гравюра

Яшчэ не ацэнена

У гарлачы на стале хрызантэмы...
Гэта не прыклад няўдалай квантэмы —
Гэта пачатак мілоснае тэмы.

Нашы альтанкі, прысады і паркі,
Свет на дваіх, незваротны і яркі,
Жалем запралі няўмольныя Паркі.

Што засталося? Світанак пахмуры.
Надпіс "кахаю" на зжоўклай гравюры.
Томік журботных лістоў Сенанкура.

Хуткая плынь

Яшчэ не ацэнена

Не трэба, каханая, слоў. Памаўчым.
Ніхто не валодае мовай, якою
Два сэрцы, спавітыя пешчаў ракою,
Размову вядуць, у нябыт плывучы.

Глядзі, які морак, і шэрань, і стынь
Залеглі наўкола страшлівай аблогай...
Дык будзем жа моўчкі адно да аднога
Туліцца.
Хай зносіць нас хуткая плынь.

Блукалі мы ў цмяным святле ліхтароў...

Яшчэ не ацэнена

Блукалі мы ў цмяным святле ліхтароў,
Разняць не маглі пераплеценых пальцаў,
I там, дзе ступалі, у цемры двароў
Зіхоткія кветкі раслі на асфальце.

Блукаю самотны, вярнуўшыся зноў,
Па горадзе смутку майго і кахання,
Па зблытаных вулках няспраўджаных сноў,
Дзе кожны камень быццам слова з падання.

Усё тут, як колісь, ды дзе тыя кветкі —
Нядоўгага шчасця ахова і сведкі!

Скупое сонца кволым промнем...

Яшчэ не ацэнена

Скупое сонца кволым промнем
Касіла лісце з клёнаў сонных...
Ты ціха мовіла: «Да скону,
I адкахаўшы, буду помніць».

А я сачыў, як промняў лёзы
Без намагання лісце косяць,
Як вецер іх у гурбы зносіць,
Як сумна ўецца дым бялёсы...

Так з тых часін і заплялося
Ў памяці маёй яскрава:
Твой голас, дыму пах гаркавы
I скарга ціхая на восень.