Алесь Жаўрук

Небывалая дагэтуль...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Небывалая дагэтуль,
Нечуванае нідзе,
Над Рачэнскім сельсаветам
Поўнач зорная ідзе.

I выходзіць к травам ніцым
Праз лябёды і званец
Закаханы ў бліскавіцы
Масці светлае хлапец.

Ён праходзіць паўз фурманкі
У край сялібы,
У ночны дом,

Дзе за трактарнай стаянкай
Спяць арцельныя сады;

Дзе вартуе свет зялёны
Ад зайздрослівых вачэй
Дзед з унучкаю Алёнай
Сярод дзён,
Сярод начэй.

Сланечнік

Яшчэ не ацэнена

Мінаюць дні шыхтом бясконцым.
Заўжды пад небам маладым
Табе — маім быць ясным сонцам,
А мне — сланечнікам тваім.

Куды ні пойдзеш, дзе ні звернеш,
У спёку ці пасля дажджу,
Як той сланечнік, сонцу верны,
Я моўчкі ўслед табе гляджу.

Уздрыгнуўшы, паплывуць вагоны...

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)
Уздрыгнуўшы, паплывуць вагоны,
Ціхі домік прамільгне здалёк…
Апусцеў садоўніцкі зялёны
З невысокім ганкам флігелёк.
 
Даўняя самотная аповесць!
Як вялікі некалі сказаў,
Там пакутваў,
Там кахаў я колісь,
Там сваё я сэрца пахаваў…