Таццяна Каленік

Алгарытм сучасніцы

Яшчэ не ацэнена

тугі гарсэт працоўнага дня
і ноччу
не адпускае яе

ён падкрадаецца да ложка
на дыбачках даўгіх матузоў
ублытваецца
ў раскудлачаныя яе валасы
пасамкамі месяцовых думак
фастрыгаю дзённых размоў

уплятаецца
ў стужкі сноў
у перавязь сцішаных эмоцый
абрыўкамі гоману
электрычнага павуцення
і вяжа
вяжа
вузлы-вузельчыкі
каб не спазнілася яна
а палове на шостую
зацягнуць яго
зноўку