Ляжу адна, самотная, у ложку...
Лі Цын-Чжао, XII ст.
"Строфы з гранёнай яшмы"
"Ляжу адна, самотная, у ложку..."
А калі б я вось гэтак напісала?
Ляжу адна, самотная, у ложку...
Лі Цын-Чжао, XII ст.
"Строфы з гранёнай яшмы"
"Ляжу адна, самотная, у ложку..."
А калі б я вось гэтак напісала?
Дождж коціцца, бубніць, гудзе,
Бяжыць, як хлопчык басанож...
I я заместа «Добры дзень»
Табе сказала: «Добры дождж!»
I засмяялася,
I ты
Нібы смяяўся пад дажджом, —
Ды ўраз пакрочыў за масты,
Прыкрыўшы мокры твар плашчом...
Ах, добры дождж, вясёлы дождж,
Нашто жаданага прагнаў?
Пытаюся ў цябе: няўжо ж
Ён тых дажджоў не дараваў,
Што некалі вось так ішлі
I ўсе усмешкі залілі?..
Чаго ні давялося перажыць,
а я жадаю аднаго — любіць!..
Любіць зямлю, лясы і сінь вады,
любіць адной або з табой — заўжды.
Любіць бярозу, вольху і сасну
за тое, што хавалі у вайну.
Любіць будоўлю, кузню і тартак
за тое, што свае, — і проста так.
Любіць таму, што страчана зашмат
паспелых каласоў і цёплых хат.
Любіць таму, што хлопцы ў небыцці,
якіх не цалавалі пры жыцці.
Як сустрэну прыгожага, з хвалістым чубам,
Дык адразу успомніцца колішні, любы...
Толькі любым цяпер вось яго я назвала,
А тады не галубіла, не прызнавала.
І чаму, і чаму пазірала няміла?
Ці ж дзяўчо непакорных плячэй не любіла!
Ці ж яно, каб сагрэцца ў абдымках хлапчыны,
Не хадзіла, пазяблае, праз каляіны?
І кахала – не знала,
І любіла – дражніла...