Не малітваю боскаму раю,
Пакланюся душою ўсёй
Не нябесным багам —
На калені ўпаду перад сэрцам,
Якое кахае.
Каб жыло яно —
Кроў і жыццё
Беззваротна аддам.
Ніна Аксёнчык
Не малітваю боскаму раю...
Кахаць цябе...
Кахаць цябе
Мне горка і балюча,
Хоць не кахаць
Таксама не магу —
Апалена душа
Агнём пякучым,
Ды ў ім — палын.
Як ад сябе збягу?
Вочы каханых
Калі ты захочаш
Спавядацца нябёсам
За свой грэх патаемны,
За крыўду ці боль,
Якімі знячэўку параніў
Чужую ці блізкую душу,
Не ідзі у царкву,
Абразам у слязах не маліся —
Не адкупіш прад імі віну,
Не ачысціш ахвярную душу.
Бо у вочы адны паглядзеўшы,
Ранейшы адчуеш ты боль.
Як Мацеры Боскай пагляд,
Вочы адзіных каханых —
Наш суд найвышэйшы.
Найвышэйшы прысуд.
I ўвесь невымоўны
Не страшна смерць...
Не страшна смерць.
А страшна мне памерці
У тваім, каханы,
Сэрцы.
2008
Што ёсьць каханне?
Што ёсьць каханне?
То сэрца, якое
Ператвараецца ў птушку.
Гне, разрывае
Жалезны абруч
Грудной клеткі -
І вылятае на волю.
Каб зліцца ў адзінае цэлае
З такой жа -
Нябеснаю птушкаю -
І адляцець ім
У сёмае неба.
Пасадзіла бярозку
З народнага – пра жаночую долю
Пасадзіла бярозку
Ля бацькавай хаты.
А сніцца рабіначка
З лісцем прымятым.
Ой ты, доля у замеці.
Ветрам змятае лісце.
І кахаў да бяспамяці -
Але разам не быць нам.
Стынуць гронкі-гарчыны
Ва ўтрапенні дрыжачым.
Пастаю ля рабіны –
Долю разам адплачам.
1987
Не заві мяне шыпшынай белай
Не заві мяне шыпшынай белай.
Косы па-дзіцячы запляту
І ўцяку на луг рамонкаў спелых –
Кветкай растваруся на ляту.
Выспее зара над небакраем.
Шчодрасць сонца згасне між дуброў –
Я тады прыйду жаданым раем –
Твая Лада з каляровых сноў.
І такою Ты кахай мяне заўсёды.
Сярод тлуму, роспачы, трывог
Полымем расквечанага глоду
Ты мяне прымі, мой сціплы бог.
Эратычна-пакаёвае
Мне ў вакно усміхаецца вечар.
А за ім і прастуджаны вецер
Пракураным сіплым голасам
Стараецца спець серэнаду мне
Пра адданасць, каханне вернае.
Ды спатыкаецца песня яго
Аб крыло маладога месяца.
Бо месяц у небе ясным
Не пяе, не крычыць, не жаліцца –
А сагравае пасцель маю
Поглядам мілым, ласкавым.
У валасах ён маіх купаецца.
І усю мяне абцалоўвае-
Кветку на падваконніку.
Эратычна-касмічнае
І ў неба бяссонніца.
О, якая шкадоба там настае:
Маладзік за Венерай гоніцца –
І ніколі не зловіць яе.
О май, - пара кахання
О май, - пара кахання.
У шлюбным вэлюме прырода.
Шалеюць птушкі ад світання
Любоўным спеўным хараводам.
Ад сонечнага пацалунку
І водар квецені духмяны.
Яна - найлепшыя дарункі
Для душ і сэрцаў закаханых.
А набухлыя пялёсткі –
Як прыгажунь хмяльныя губы.
Што ў гарадах, мястэчках, вёсках
Хлапцоў прыводзяць да загубы.
І млее сэрца ў час вясновы.
І закаханым не заснуць –
Шэкспіраўскае
Ці знаеце, як паміраюць ад кахання?
Калі вас Бог памілаваў і вы
Не захлыналіся агнём самазгарання, –
Лічыце, што шчаслівы і жывы.
А я хварэю полымнасцю сэрца.
І прымірыцца не магу з сабой:
Табой усё навокал мне здаецца.
Асветленае зоркавым – Табой.
Ты – мой эфір, нябесны, неабсяжны.
Раствораны ў песнях і слязах.
Цябе ў дыханні чую незаўважным.
Цябе цалую ў росах і снягах.
Па сняжку, па ільду
Па сняжку, па ільду –
Па каханаму следу
Да цябе я прыйду.
Да цябе я прыеду.
А з далёкіх краёў
Прылячу вестуніцай
У вакенца тваё
Акалелай сініцай.
Як цяпла не знайду
Ля святога агменю –
Я да шкла прыпаду
Тваім змучаным ценем.
Пазбіраю з вачэй
Парушынкі-слязінкі.
Можа, стане лягчэй
Сэрцу хоць на хвілінку.
Па сняжку, па ільду –
Па каханаму следу
Да цябе я прыйду.
Бабіна лета
Ёсць у восені міг, калі пахне вясною.
І зямля маладзіцца ў росах начных.
Так у сэрцы маім зноў надзеяй жывою
Адгукаецца лета дваццатага міг.
Бабіна лета, ах, бабіна лета...
Палае кляновы касцёр залаты.
І, можа, цяпер ты паверыш прыкметам,
Што сэрца кахае мацней праз гады.
Ці была мая доля снягамі задзета?
Ці я вінаватая ў тым прад табой,
Што толькі цяплом развітальнага лета
Як умее кахаць беларуска
Я пяшчотай цябе атуляю, палю.
Да нябёс уздыму шчасце нашае, любы.
Гэтак сонейка ранкам цалуе зямлю.
Гэтак месяц начны вербалозы галубіць.
Каб ты ведаў заўжды:
Праз слату і гады,
На гасцінцах, шляхах
Ці на сцежачцы вузкай,
Як умее любіць,
Як умее чакаць,
Як умее кахаць
Беларуска.
Твае краскі душы я каханнем крану.
А у скрусе прыйду я табе на падмогу.
Мужу Уладзіміру
Я спазнала шчасце лётаць.
Маіх мрояў б’юць ключы,
Бо прыгожы самы хлопец
Мяне з сэрцам заручыў.
Сваім мужным, чулым сэрцам
Ты ахоўваеш мяне,
Як анёл. А над азерцам
Чоўнам месячык плыве.
Мы з табой адны на свеце –
Як нябесная душа.
І каханнем вочы свецяць.
Шэпат – жарсцю ў вушах.
Мой каханы, мой адзіны –
Цнота любасці адна.
Я пішу з цябе карціны,
Ночы выпіўшы да дна.
Арабіна
Я – Жанчына, я заўжды Жанчына.
Будзе снег на холадзе звінець,
Пацерак не скіне арабіна –
Будзе і дрыжэць, і чырванець.
Выстаіць, не змерзне, не завяне.
Выбаліць красу сваю скрозь золь,
Каб затым, як сонца ласкай гляне, –
Выплакаць слязой нябачнай боль.
“Не кахаю”...
“Не кахаю”, –
Як стрэл, як кінжал.
Вачыма сказаў –
І мяне пахаваў.
І пакінуў адну
Між усіх маіх бед.
І накрыў забыццём
У душы сваёй след
Ад нявіннай маёй
Прастаты, нематы –
Я аглухла навек
Ад сваёй глухаты,
Як памерла.
Я Бога бачу ў вобліку тваім...
Я Бога бачу ў вобліку тваім.
Не дасканаласць рыс –
Вачэй жывая споведзь,
Адкрытая, як неба, нам дваім,
Душу маю цяплом вясновым поіць.
І я расту.
Нібыта ў забыцці,
Вачам тваім, рукам тваім малюся.
О шчасця міг, мне суджаны ў жыцці,
Якой бяссільнаю перад табой раблюся.
Баюся: знікнеш ты з маіх вачэй,
Агеньчык мой,
Праменьчык мой вясновы.
Хоць на імгненне
Ўспыхне хай ярчэй
Твой голас
Ты гаворыш мне,
А я не чую слоў.
Твой голас
У спалоханае сэрца
Сонечным цяплом
Ласкава льецца –
І ў маю ён пранікае кроў.
І я маўчу…
І нікну прад табой.
Маё ўстрывожанае сэрца
З табой гаворыць
І ў знямозе б’ецца.
Толькі ты яго ці чуеш,
Любы мой?