Ці гэта сон? Ці лёс жартуе?
…Яна ступіла на парог.
Як закаханасць ёй пасуе
І позірк светлы без трывог!
І думаць наватне захочаш,
Дзявочай згублены красой,
Што прыйдзе пасля грэшнай ночы
Самотны ранак са слязой.
Растане сон блакітнай птушкай.
Праменняў лёгкія сляды
Спадуць на цёплую падушку,
А фея знікне назаўжды.