Санет кахання
Чаго саромецца, – ты у маім сенеце,
Як у аазісе закінутым, адна,
Надзейна ахаваная штодня
Ад цынікаў, якіх нямала ў свеце.
Ты мне здалёк, каханая, відна
На беразе нясходжанага лета.
Адзенне ўсё тваё – вяночак з кветак
На галаве, нібыта цішыня.
О ява маіх вечных летуценняў,
Не трэба лепшага табе адзення!
І я заўсёды буду берагчы
Тваю цнатлівасць светлую аддана.
Ты не саромейся мяне. Бо ты адна, лічы,
Ў маім санеце беражна схавана.
Я хачу вярнуцца да цябе...
Я хачу вярнуцца да цябе
Краскай ціхай ля ўтравелай сцежкі,
Засланіць зямлю сваёю ўсмешкай —
Я хачу вярнуцца да цябе.
Каб мяне пазнала ты ў жальбе,
Прыгарнула да свае усмешкі.
Я хачу вярнуцца да цябе
Краскай ціхай ля ўтравелай сцежкі...
Амаль буколіка
Я зноў, каханая, з табою.
Мы ў красках вязнем лугавых –
Не бачым неба над сабою,
Не чуем пад сабой травы.
Турбуе нас адзіны клопат,
Адзіны клопат нас вядзе.
І мы ідзём, прыроды вопыт,
Абняўшыся, як ноч і дзень…
Голас з акцэнтам
Маўчаць невыносныя сцены.
Далёка за поўнач не сплю.
Твой голас з магічным акцэнтам
Скрозь горкую ростань лаўлю.
Лятунак, сяйво, даварога
Ці выраю спознены клін?
Дык дзякуй, служанка-дарога,
За крохкую радасць хвілін!
Па каліўцу ласкі, па промню
Ляціць у акно светлыня.
Забудуся, але запомню
Дыханне шчаслівага дня.
Вясковы, сталічны, трагічны,
Імя сваё, век, назаві!
О, гэты світанак магічны
З акцэнтам шчымлівай любві...
Ручаёчак у лесе вірліва...
Ручаёчак у лесе вірліва
Між каменняў улукаткі ходзіць
І звініць сам сабе гаварліва,
Быццам ім вадзянік карагодзіць.
Як юнак апантаны, спяшае
На спатканне да ціхае рэчкі
І такія ёй песні спявае,
Што ажно счырванелі парэчкі!
Лукавіна рачулкі… Гаёўнік…
Стромкі бераг у хвоях смалістых…
Даляцеў закаханы вандроўнік,
Затуліўся у хвалях празрыстых…
1997
Я дыханнем цябе абаўю...
Я дыханнем цябе абаўю,
Зберажы гэты промень, і лета,
I жаноцкую рэўнасць маю,
За якой чысціня на паўсвета.
Я не кінуся шчасця шукаць,
На самоце галубіць патоля.
Буду мудра і светла маўчаць,
Як бярозка між чыстага поля.
Ты і я
Ты і я: пралеска ў снах бурану,
Дрэўца вішні ў ярасным агні,
Кропля на спіне Левіафана,
Радуга на крылах навальніц.
Пад дзевятым валам ветразь ніцы,
Верас, што агнём абняў пярун,
Павуцінка ў пекле навальніцы, —
Адкажы на вуха ўладару,
Як мне здужаць ураган і вецер,
Вечны мой, зацяты, страшны бой?
Як мне, моцнаму, пражыць на свеце
Без цябе, танюткай і слабой?
О каханне маё бясконцае...
О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.
Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною - балот віры.
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп'і гарыць.
На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.
Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.
Жаночая гордасць
Ёсць звон ручая, ёсць свежасць рос,
ёсць веліч вяршыні горнай.
I ёсць яшчэ адно з дзівос,
гэта — жаночая гордасць.
Яна — не прыхамаць, не капрыз,
не д'ябальская забава.
Глянуць адчужана зверху ўніз —
святое жаночае права.
Ёсць нешта ў ёй ад гор і зор.
Ды ўсё-ткі зямны яшчэ болей
позірк яе, яе дакор —
аснова зямной любові.
Ёсць ветра бег, ёсць каханне наспех,
смех, грубы ў сваёй прыроднасці...
Самы вялікі мужчынскі наш грэх —
грэх супраць ясаночай гордасці.
Ты пакліч мяне. Пазаві...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё зь любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцьця шырокай.
Пачынаецца ўсё зь любві –
Першы посьпех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
І зьмяняюцца краявіды
Пачынаецца ўсё зь любві –
Нават ненавісьць і агіда...
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё зь любві.
А інакш і жыць немагчыма.
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
I сказаць:
«Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
I нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, — папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі i звадкі, боль i горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?»
1915