Цябе ніколі не было.
Аднойчы я цябе прыдумаў:
Любові запаліў святло
Над цёмным непарушным сумам.
Здзіўляўся мары, як дзіця.
Фантазію сваю галубіў.
А ты — прыйшла. Сама. З жыцця.
— Люблю, — мне прашаптала, — любы...
I згасла дзіўнае святло...
I я тады спытаўся з сумам:
— Цябе ж ніколі не было?..
— Была... Раней, чым ты прыдумаў...