Адам Глобус

Эпітафія каханню

Яшчэ не ацэнена

На востры кант барвовых дахаў,
Паміж прутоў антэн, на лёд
Упала сонца — збітым птахам...
За ветрам, у сіні краявід,
Між велічы бетонных гмахаў,
Праз браму ночы вечар знік...
На чорным небе звар'яцелым
Накрэслю крэйдай месяц белы.

Рэгіна

Яшчэ не ацэнена

У маёй суседкі
Вырасла на столі
Залатая кветка
Дый згубіла колер.

Абмінулі Рэню
Хлопцы-кавалеры, —
Кветкавы карэнні
Леглі на шпалеры,

Пацяжэлі цені,
Расплыліся вокны,
Разышліся сцены
Ў чарнаце глыбокай...

Мільганула зорка
У жалобнай слоце.
Уздыхнула горка
Дзеўчына ў самоце.

He тужы, Рэгіна,
Знойдзецца каханне, —
Чорная вяргіня
Залатою стане.

Ліст да каханай

Яшчэ не ацэнена

Наша сустрэча не за гарамі
He за лясамі твой пачастунак.
He за палямі мой пацалунак.
Наша пяшчота не за марамі.

Хоць і паблытаны словы вятрамі,
Хоць і, забыўшыся на паратунак,
Пані Маркота кратае струны
Стомленай арфы ў колішнім храме.

Сумная поўня нам спачувае —
Вузкія сцежкі асвечвае ўпотай,
Хоць і хмурына поўню хавае.

Абавязкова горыч самоты
Мы да сустрэчы ператрываем,