Ад лёсу не ўцячы ўласнага –
Мне шчодра абмывалі плечы
Бакалам светлага шампанскага,
Так нечакана і дарэчы.
Зноў зарапады слоў і зорачкі
Радзімак на плячах, далонях,
Сабралася бялізна ў зборачкі,
Вартуючы тваё бяссонне.
Здаліся пацалункі шчырымі,
Як наша ноч і бліскавіцы.
А днём – нібыта сэрца вырвалі,
Паабяцаўшы толькі сніцца.
Нібыта не было шампанскага,
Адпітага з грудзей і вуснаў.
Твая няўвага – жэст няшчаснага,
Не зразумеўшага спакусы.
У супярэчнасцях купаюся,
Баюся і сабе прызнацца,
Што зноў на “п’янку” набіваюся,
Каб задыхнуцца ад вар’яцтва.