Змітрок Астапенка

Не кажы, не абяцай...

Яшчэ не ацэнена

Не кажы, не абяцай,
Не бяры такое ролі!..
Ходзіць сонца. Шэпча гай.
Вецер блукае па полі.

На зямлю прыйшла вясна,
За сялом прысела з краю.
Адгадай – каторы з нас
Першы вымавіў “кахаю”?..

Не кажы цяпер, маўчы,
Не кажы – пачуе вецер…
Скажаш ноччу – уначы
Ціхім стане ўсё на свеце.

Не закідвай за спіну
Косы шоўкавыя – змеі.
Я спаткаў з табой вясну,
Я без слова разумею.