Хочаш клікаць мяне з сабою,
Абяцаеш мяне жадаць?
Толькі што нам рабіць без любові,
Як абдымкі свае апраўдаць?
Зноў дажджом размываюцца сцежкі
І знікаюць нашы сляды.
Паспрабуем схавацца за ўсмешкі
Ці ў далоні – такой бяды.
Дапамогуць фіранкі густыя
Сарамлівасць прыкрыць маю,
Мы даўно з табой не святыя,
Я ў табе сябе пазнаю.
Як спакусліва вабяць вусны:
Ад жадання ніяк не ўцячы,
І, апраўдваючы распуснасць,
Застаюся з табою ўначы.
Хай смяюцца або зайздросцяць,
Зазіраючы ў нашу пасцель,
Ноч і месяц – нязваныя госці,
Пра якіх забываюць часцей.