Х.А.
Мне не жыць без цябе…
Гэта стала так ясна,
Як ратунку ў мальбе
Не знаходзіць няшчасны.
Галашэнне – не гімн.
Плач – таксама не радасць,
Колькі летаў і зім
Стрэчы нашыя крадуць.
Аб табе не спяваць?
Гэта хто ж забароніць?
Думкай мне цалаваць
Твае вусны і скроні.
Сціхнуць песні ў журбе
За далёкай гарою…
Мне не жыць без цябе,
Як не жыць мне з табою.