Безабаронную не кідай,
Не бяжы ад мяне ўпотай.
Не пакінь, не згубі, не прадай,
Пашкадуеш, мой мілы, потым.
Прыгарні, супакой і ўцеш,
Ці не бачыш, табе я рада.
Толькі сэрца на часткі не рэж
Абыякавасцю і здрадай.
Толькі шчасця не пазбаўляй
Неабдумана-грубым словам.
Заставайся – не прападай,
Мой дзікун непапраўна суровы.