Часта сніцца мне ціхі паўстанак у полі,
Той далёкі паўстанак, дзе, можа, вякі
Узвышаюцца ў неба густыя таполі –
Не спыняюцца толькі мае цягнікі.
Прамчацца удаль. Правядзе іх дзяўчына,
Як праводзіць не раз у дарогу мяне.
І шкада мне, што нельга зрабіць тут прыпынак,
Што, як тыя таполі, сустрэча мільгне.
А яна наўздагон усміхнецца заранкай,
Памахае. А што адказаць ёй магу?
Пакідаю я сэрца сваё на паўстанку,
А з сабой ў дарогу бяру я тугу.
Пакідаю я тайна пад час развітання
Разам з сэрцам жывыя надзеі свае...
Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане –
Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе.