Твой пакойчык, прытульны, спакойны і белы,
пахне цёплай пяшчотай нетрывожаных дзён.
Нібы жнівеньскі сад, духам яблыкаў спелых,
пахам моцных антонавак радуе ён.
Каля люстра — падручнік англійскае мовы,
пара сшыткаў і некалькі строгіх тамоў:
гэта ўсё так прывычна і кожны раз нова,
як чарнявая шапка тваіх валасоў.
У цябе светлы розум і моцнае сэрца.
Што ў табе ад былых, ад забытых часоў?
Як цябе уявіць без партрэтаў на сценцы?
Як цябе уявіць без разважлівых слоў?
Маладая, як майскае сонца, дзяўчына,
нібы сонечны зайчык ў блакітных лугах —
ты размову вядзеш самавіта і чынна,
а вясёлыя знічкі гараць у вачах.
Ўся гарыш ты святлом агнявой нашай эры,
калі горы грымяць, калі зоры пяюць,
калі радасць высокую поўнаю мерай
людзі новыя з новай крыніцы бяруць,
калі шчасце — не грэх, прыгажосць — не загана,
калі праца, як песня, ўстае над зямлёй,
ты умееш злучыць агнявое каханне
з незвычайнаю мудрасцю справы сваёй.
Ўсюды ты — на заводзе, на пожні і ў клубе.
На вучоным дакладзе і ў майскіх садах
я адразу пазнаю пунсовыя губы
і чырвоны значок на высокіх грудзях.
Калі ж ты свае вочы, як зоры, запаліш,
бляск у сэрца сыходзіць да самага дна,
пачуццё залівае шырокаю хваляй
бераг дружбы і шчырасці светлага дня.
I жыццё, і вясна, і маё захапленне —
гэта ўсё для цябе, гэта ўсё прад табой,
мой таварыш, дзяўчына майго пакалення,
мой таварыш, дзяўчына краіны маёй.