Дзяўчыне

Ваша адзнака: Нет (2 галасоў)
Яшчэ зіма...
      Мярэжы-строі
Ўраніла зорнасць
      за акном.
Якая ноч...
      Ў маім пакоі
Сон-цішыня
      даўно, даўно.
 
Сяджу адзін...
      А на стальніцы
Букет юнацтва
      з веаргінь.
I просіць сэрца
      навальніцы, -
Сімфоній радасці
      й тугі...
 
Пішу... Гадзіннік
      адзінока
Прабіў дванаццаць
     на сцяне.
О, як шкада,
      што мы далёка:
Я - ад цябе,
      ты - ад мяне.
 
I што сказаць?
      Ну, што, Марына?
Сказань адно,
      адно ўсяго:
Жыву сягоння
      успамінам,
Што падарыла
      мне яго.
 
Я помню дні
       сваіх вакацый:
Была вясна...
      Сады ў імгле...
Я сустракаў
      цябе за працай
У сельсовеце
      на сяле.
 
Цвілі сады...
      Я помню вечар...
I ў гэны вечар -
      май вясны -
З табой апошняя
      сустрэча
Была на мітынгу
      адным...
 
Ты ўся жыла,
      Ліліся словы;
Як лебедзь,
      плавала рука.
Ты захаплялася
      прамовай, 
Лістом-адноснікам
      ЦК.
 
Ты гаварыла
      аб комуне,
Аб тым, як жыць,
      як будаваць.
А свежы вецер
      на трыбуне
Тваё аблічча
      цалаваў.
 
Жывым агнём
      гарэлі вочы,
Віталі яркую
      світань.
Табе не раз,
      не раз, а двойчы
Іграла музыка -
      "Паўстань..."
 
Я сам гарэў
      агнём трывогі,
Парывам шчасця
      ў барацьбе.
Ты верыш сёння
      ў перамогу,
Як моцна верыла
      ў сябе.
 
Бывай... Гадзіннік
      адзінока
Прабіў чатыры
      на сцяне.
А ўсё-ж шкада,
      што мы далёка:
Я - ад цябе,
      ты -ад мяне...