На тройцу, звычай як у свята,
Пад’еў сабе і ўздумаў спаць,
Аж чую, загаманіў тата:
"Ідзі пчол панскіх пільнаваць!"
Нечага дзелаць, слухаць трэба,
Узяў армяк, пайшоў у сад,
Расла там ліпа кругом сада,
Сажана густа ў адзін рад.
Забраўся я у цень пад ліпы
Ды прысланіўся там на час.
Заснуў і спаў як бы забіты,
Ажно да сумеркаў якраз.
Ачнуўся, глядзь — паніч наш валіць,
А поплеч з ім паненка йдзе;
Паніч усё паненку хваліць,
А тая гутарку вядзе.
Ідуць ка мне штораз, то бліжай,
Паненка — павай, ён — арлом.
Я дай у куст панырнуў ніжай,
Паставіў пруцця дыбаром.
Ка мне прыйшлі, ды шлёп! узяўшы
Вот тут ля самага мяне,
А я ляжу, духі зацяўшы,
I бы гару увесь ў агне.
Згадзя часок, гляджу, што будзіць;
Аж ну паніч — ёрзь бліжай сесць,
Гаворыць нешта, скалазубіць
I доўга гутарку вядзець.
Пакруціць ляскай, шапку здыме,
Вусы паправіць, ярзане,
То быдта што з зямлі падыме,
То ногці калупаць зачне.
Відаць, сказаць ён нешта хоча,
Не знае толькі, як пачаць,
Ён так і гэтак замармоча,
Пасля ізноў стане маўчаць.
Яна ж цвяток у пальцах круціць,
Нюхне, махне каля ліца,
Патупіць вочкі, то апусціць,
То паглядзіць на паніча.
Буркне славечка, усміхнецца,
Паправіць сукню, то касу,
То уся неяк страханецца,
Вот быць русалка у лясу.
Апусціць вочкі, пакраснее,
То стане бледна, як папер,
Сказала б нешта, дык не смее —
Вот як гляджу на іх цяпер.
Ахвоці мне! была прыгожа,
Такой не відзеў, дадушы,
Вот проста той цвяточак рожа,
Хоць прылажы яе к душы.
Глядзя на іх, я надрыжаўся,
А сэрца білась малатом.
Чаго ж бы? ведзь я не спужаўся,
Дый не было чаго прытом.
Мусіць за тое калаціўся,
Што я мужык і не багат;
Каб быў багат, то б ажаніўся,
А як я бедзен, дык не, брат!
А паніч той усё танцуе,
Вачамі проста як не з'есць,
То ў ручаньку пацалуе,
То закалоціцца увесь.
Ускочыць, сядзе, ізноў стане
I скажа: "Wierz miłości mej".*
А тая толькі моўча гляне,
I цяжка уздыхнецца ёй.
"Więc cóz mi Pani powie nato?
Czy tak czy ne" ** — пытае ён.
"Dziękuje Pana szczerne za to"***, —
Прабуркне, быдта цераз сон.
ІІасля яна, спусця нямнога,
Румяна стала, як той мак:
"Ах, — кажа. — Dziej się wola Boga!
Wіęс na pytanie powiem tak:
Czy kocham Pana, Pan mię pyta,
Więc powiem szczerze, tylko wierz:
Kocham! Więc z Panem teraz kwita,
A chcesz mą rękę, więc ją bierz!"****
Тады паніч у серп сагнуўся
I стаў ёй рукі цалаваць,
Пасля стаў роўна, аглянуўся,
Можа хто дзе, чы не відаць...
Як кончылі, не тыя сталі,
Другую гутарку знайшлі;
Абое разам з лаўкі ўсталі
I проста у задом пайшлі.
Тады я, дай скарэй бог ногі,
Узяў хатуль дый быў патуль.
Хоць не відаць было дарогі,
Не помніў, як прыбег адтуль.
_________________________________________________________
* Павер майму каханню (польск.).
** Што ж мне на тое пані скажа? Ці так, ці не? (польск.).
*** За гэта шчыра дзякую пану (польск.).
**** Дзейся, воля бога! А на пытанне скажу так: Ці кахаю я пана,
пан мяне пытае, дык адкажу шчыра, толькі вер. Кахаю! Вось зараз
з панам квіта, а хочаш маю руку, то бяры яе (польск.).