Ісці к табе трывожна і спакусна,
Нібыта набліжацца да агню,
I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў,
I спапяліць цнатлівую браню.
I ўвайсці ў агонь. Пламеннем задыхацца,
Лавіць яго, і жыць і дыхаць ім.
Згарэць на попел. З попелу узняцца,
Каб зноў глытаць агню вярэдны дым.
I ачышчацца ў полымі упарта,
Згарэўшы зноў, вяртацца з небыцця,
Бо той, хто уцякае ад цябе, — не варты
I ні цябе, ні самаго жыцця.
Бо толькі так і можна жыць ва свеце:
Згарэўшы ўшчэнт, застацца зноўку жыць,
Каб пры жывым табе твой попел стылы вецер
Зайздросна мог, як памяць, варушыць.