Цецеравай Т.
Без цябе светлы Санкт-Пецярбург
Хмурыць вочы і ўдзень і ўначы,
Лёсу нашага змераны круг –
Ад якога ніяк не ўцячы.
І павер, я зусім не вар’ят:
Ад жадання пабачыць цябе
Кіну горад – былы Ленінград,
Толькі б побач з табой аслабець.
Толькі б вочы у вочы глядзець,
Адчуваць дотык родны пляча,
І забыцца на свет, на людзей,
Калі вусны аб шчасці маўчаць.
Калі сэрцы і пульс ва ўнісон,
І вядомы пачуцці без слоў.
Я гатоў вартаваць любай сон,
Я на ўсё для каханай гатоў.
Толькі б шквал нараканняў і зла,
Перашкоды ўсе перамагчы.
Чуць хачу, што ты ёсць, не была,
І цябе ля сябе берагчы.