МОЙ САМЫ МАЛАДЫ

Яшчэ не ацэнена

Аляксею Ходасу

Не ўпершыню пакойчык твой прыбраны,
І пыл з твайго “фано” паспелі сцерці.
Ну, і чаго папёрся ў той Ізраіль?
Каб тут не жыць? Там – без мяне памерці?!

Мае лісты – святую перапіску –
Не ўзяў з сабой – і іх даўно спалілі,
І дух кахання нашага па Мінску
Лунае пад аблокамі, і крылы

Ўсё большай моцы з часам набываюць…
Я так чакала, што мы ўсё ж з табою
Па Троіцкім прадмесці пагуляем
З такой, як некалі, пяшчотай і любоўю.

Ты – здраднік нашых тых усіх спатканняў,
І я смяюся ў вочы тваёй смерці,
Што для яе пакойчык твой прыбраны,
Што пыл з “фано” паспелі разам сцерці.

Вярнуць цябе – нібы прымусіць дрэва
Са мною раптам шчыра аказацца.
О, як кахаць, як лашчыць я ўмела,
А ты ў Ізраілі надумаў заляцацца…

Там сонца астудзіла жар сардэчны,
Ніхто не кінуўся вады табе паднесці.
Мой дарагі, каханы мой, мой вечны,
Мой самы малады… ў абдымках смерці.