Муза ў белым халаце

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Мушу зноў працаваць на старой пасадзе,
пешчу зноў загрубелыя рукі я,
усміхаецца муза ў белым халаце —
лабарантка мая.
На стале ззяе крохкае шкло і нікель,
зіхацяць на маіх аб'ектывах блікі.
Муза мне падае на лусцінцы шкляной
асцярожна, нібыта алмаз ювеліру,
кроплю неба
і скрынку вады дажджавой;
цішыня, лёгкі водар бальзаму, эфіру.
I праменіцца звыкла праз лінзы мой зрок,
я лячу ў невядомае
ў лабараторыі,
нібы з космасу, зоры мігцяць здалёк,
мітуслівыя мікраістоты — зоры.
Дух займае ад велічы ўсёй драбязы,
што ў праслаўленай свеціцца кроплі
праменнай...
Я асуджаны бачыць, бы вокам рэнтгена,
нават рэбры красы.
Не бянтэжыць і гэтым мая прафесія:
там, дзе зрок ламае сваё вастрыё,
мне б адкрыць новы край
і дзіва тваё,
о паэзія!