НА ПАМЯЦЬ

Яшчэ не ацэнена

Х.А.

Ну, хто мне ты, нашто мне ты,
Чаму дасюль мне не пазбыцца
Ні сноў, ні слоў: “Твои мечты
Не могут не осуществиться“.

Я марыць болей не магу,
Стамілася кахаць, напэўна,
І ад сябе я не збягу,
А ты – таёмная няпэўнасць.

Прыйсці?
Прыходзіла.
І што?
Ты шчыра так частуеш чаем,
Чакаеш ад мяне лістоў,
Не згледзеўшы ў вачах адчаю.

Мне б узлавацца і пайсці,
Я ж усміхаюся – рабыня!
Мяжа, каб болей не гасціць,
Каменным хай спадае ліўнем.

Мяне праводзіш, як ляціць,
Вачамі сочаць за каметай.
Вось упадзе яна, згарыць,
Шукаць кідаюцца – ды дзе там.

І нават следу не знайсці,
Не закрануць яе рукамі…
Тваё апошняе “прости”—
Адно, што ад цябе на памяць.