НЕ ПАКІДАЙ

Яшчэ не ацэнена

К.У.

“Не пакідай!” – ужо ў рэанімацыі
Прасіла і маліла я, а ты –
Далёка ад мяне быў у прастрацыі –
Краіне болю, жалю, нематы.

“Не пакідай!” – як ты, бездапаможная,
Злавалася на ўсё і гэты лёс,
Надзеі выклікала асцярожныя,
Хавалася, каб ты не бачыў слёз.

Адно шкада, што так і не паверыў мне,
Што праўда, не хлусня – адзін за ўсіх.
І твой пакой – адна мая імперыя,
Дзе шанаваў ты кожны мой уздых.

Лямантаваў, негадаваў ад рэўнасці,
Пасля валіўся пластам каля ног.
Я ведаю, як мучацца з няпэўнасці,
І так хачу, каб ты вярнуцца мог.