Небывалая дагэтуль,
Нечуванае нідзе,
Над Рачэнскім сельсаветам
Поўнач зорная ідзе.
I выходзіць к травам ніцым
Праз лябёды і званец
Закаханы ў бліскавіцы
Масці светлае хлапец.
Ён праходзіць паўз фурманкі
У край сялібы,
У ночны дом,
Дзе за трактарнай стаянкай
Спяць арцельныя сады;
Дзе вартуе свет зялёны
Ад зайздрослівых вачэй
Дзед з унучкаю Алёнай
Сярод дзён,
Сярод начэй.
Толькі дзеду, мабыць, вечар
Выпрастаў сухія плечы,
I, адтупаўшы як след,
Прыкурнуў мо ў будцы дзед…