Ой, хацела ж мяне маці
Ды за першага аддаць,
А той первы,
Первы няверны, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
Ды за другога аддаць,
А той другі
Ходзіць да падругі, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
Ды за трэцяга аддаць,
А той трэці,
Як у полі вецер, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
За чацвёртага аддаць,
А той чацвёрты —
Ні жывы, ні мёртвы, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
Ды за пятага аддаць,
А той пяты —
П'яніца пракляты, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
Ды за шостага аддаць,
А той шосты —
Малы, недарослы, —
Ой, не аддай мяне, маць!
Ой, хацела ж мяне маці
Ды за сёмага аддаць,
А той сёмы —
Прыгожы ды вясёлы...
Ён не схацеў мяне ўзяць.