ПАНАЦЭЯ

Яшчэ не ацэнена

Я сплю з табой, і адтаго не сплю,
Што ад прысутнасці шчаслівай вар’яцею.
Ізноў пасцель тым болей я люблю,
Што ў ёй ад бед маіх, нарэшце, панацэя.

І слёзы ўсе асушаны да дна,
Табой, збавіцель мой, і мой ратунак.
Я верыла: самотнасці цана –
З усмешкаю зайздроснаю фартуна.

А ты, ты спі салодка-смачным сном,
Палохаючы прывідаў пад дахам,
Якія насялялі гэты дом,
Трымаючы душу ў смяртэльным страху.

Спакойная, я не магу заснуць:
Вартую вартага з сабой і вар’яцею,
Не смеючы крануцца і дыхнуць
На рэдкую ў жыцці сваім надзею.