Паслязаўтра адбудзецца жнівень, як цуд нечаканы,
І аздобіць на золку празрыстай расою траву,
Захавае зямлю ад прадвосеньскіх першых туманаў
І напоўніць зярнятамі чорнымі спелы кавун.
Ліпень доўга смяяўся: то ветрам нагоніць залеву,
То спякотаю з глебы апошнія кроплі збярэ...
Толькі веру, цяпер гэта пройдзе, мая каралева,
Будзе жнівень – з табою сустрэцца змагу ў рэшце рэшт.
«Жнівень будзе», – я зноў паўтараю. Ён прыйдзе, паўстане –
Месяц жоўтых світанкаў, пяшчотнай азёрнай вады...
Хай жа ён падаруе адвечную радасць кахання,
Каб яна заставалася з намі заўжды. Назаўжды!