Застаўся пацалунак твой на вуснах –
Прылюдна, нечакана і…
раптоўна.
Ці быў ты да мяне велікадушны,
Ці я была ў той міг такой чароўнай,
Што выклікала страсны пацалунак?
Панесла я яго – з тваім дыханнем…
Як рэчка ціхая ад ветру бурнай
Становіцца
і ўся іграе ззяннем,
Так позірк мой,
гатовы да спакусы,
Лавілі потым іншыя мужчыны,
Як быццам ведалі, што я на вуснах
Трымала пацалунак саладзільны.