Б.С.
Не нарадзіцца мне ў каторы раз,
Не паўтарыцца страснаму імгненню:
Люблю цябе і помню толькі нас.
Ад бед усіх той успамін – збавенне.
І клічу зноў маўкліваю мальбой:
Спяшы ка мне з усіх сваіх Еўразій.
Адну б яшчэ такую ноч з табой
Мне перажыць, згараючы ў экстазе.
Адчуць бы зноў бяздоння вышыню,
Далонямі да вуснаў дакрануцца.
Здалёку я цябе не паланю,
Ці зможаш хоць аднойчы адгукнуцца?
Жаданне моцнае збываецца падчас –
Я здольная вярнуць тваё каханне.
Люблю цябе і помню толькі нас,
Ад бед усіх – маё табе прызнанне.