І песня мая вам рада,
І думка зімой вясенняя,
Мяне завяце вы Радай –
Сваёй чарнавокай Ясеніяй.
Мяне баіцеся страціць,
Са мной – нібы навароджаны.
Не адвярнуся, каб здрадзіць:
Адзін аднаму наварожаны.
Як толькі прачнецца месяц,
І наша ноч цемнакосая
На неба каралі павесіць,
Да вас не спазнюся – босая.
Туманам сляпым ахіну я
Свае гарачыя плечы.
І травы зашэпчуць “лілую”.
А дрэвы запаляць свечкі.
І зноўку вы будзеце рады
Сваёй чарнавокай Ясеніі,
Зашэпчаце страсна: “Рада,
Ты – песня мая вясенняя”.