Чытае дзяўчына раман.
Цікава: завязка лірычная,
А потым –
Туман,
Туман…
Хвалююць чужыя надзеі,
Карціць заглянуць у канец,
Як быццам ёй, маладзенькай,
З героем ісці пад вянец.
Жартуе, падсеўшы, хлопец:
– Даедзем разам хутчэй!..
І топіць, ласкавы, і топіць
У шэрай паводцы вачэй.
– Вы Ева?.. –
З усмешкай ратуе
Ці, можа, топіцца сам.
Ранет разламаўшы, частуе,
Нібыта біблейскі Адам.
– Я князь Святаслаў…
– Еўдакія…
Зірнула – хоць з поезда злазь:
Глыбокія вочы такія –
Не выплывеш, хай ты і князь.
– То дзякуй за яблык… –
Смяецца,
Зацягвае смехам на дно.
І сэрца хлапечае б’ецца,
Як у тапельца, даўно.
Нямеюць на кожным прыпынку,
Галубяць вачамі ранет,
Бо кожны сваю палавінку
Яшчэ не разгледзеў як след…
Адкладзен раман на сягоння,
Развеяўся кніжны туман –
І новы тут, у вагоне,
Завязваецца раман.