Глыбее ноч. Мне сумна, я знываю:
Ні цёплых слоў, ні ласкі… Цішыня…
Не спіцца мне, мінутамі чакаю,
Калі замігаціць жаданы проблеск дня.
Глыбее ноч… Бяздумна раскладаю
Гняўлівыя з папрокамі лісты,
Чытаю іх і ясна прадстаўляю –
Суровы змест… Чаму так пішаш ты?
Не раз душу папрокі ўсхвалялі,
І цяжкі ўздых мне грудзі уздымаў,
І слёзы незнарок мне вочы засланялі,
І жаль нямы душу маю сціскаў.
Ды ці ж змагу я мёртвымі славамі
Ўсю глыбіню душы і тайну расказаць:
Чым я жыву, аб чым я мару днямі,
Як ночкі цёмныя прышлося каратаць.
І так пішу! Больш сэрца не утое,
І ад душы кароткі ліст пашлю –
Адно слаўцо – праўдзівае, святое,
Бязмежна шчырае “Люблю”!