Расчыняліся, рыпалі дзверы...

Ваша адзнака: Нет (3 галасоў)

Расчыняліся, рыпалі дзверы,
Сівы дзень косы рэдкія плёў.
Развітацца… далёкая Мэры,
Ці зазвонім зноў чаркамі слоў?

Дагарала, мігалася свечка,
Ткаў апошнюю казку раяль.
Не казала: маім будзеш вечна.
Не казаў: будзеш вечна мая.

Каб валос тваіх светлую пражу
Развязаць – увесь свет замяло б.
Можа, музыка й песня раскажа,
Што аднойчы гарэла, цвіло.

За вакном – скамянелыя дрэвы,
А на шкле зацвіталі сады.
І, здавалася, белая Ева
Серабром вышывала сляды.

А на шкле – недатканы матылік
І крыштальны уток павука…
Каб такія вялізныя крыллі,
І не грубая ў хлопца рука!