Родная, мілая, любая!
Сьвет заімгліўся журбой.
Непагадзь страшная, лютая
Нас не мінула з табой.
Зь яснае пэўнасьці выбіла.
Згасла вясёлка-дуга.
Вочы праменныя выпіла
Чорная скруха-туга.
Мілая, любая, родная!
Як ты далёка была!
Як, непрытульна-халодная,
Вечнасьць марудна плыла!
Днямі пустынна-вятрыстымі
Стыла ў самоце душа,
Покуль, як лодка да прыстані,
Радасьць да сэрца ішла.
Любая, родная, мілая!
Зноў я адчуў, што жыву.
Ясьніцца далеч імглівая.
Сьвет разганяе журбу.
Холад далоняў не выстудзіў.
Сівер не выдзьмуў цяпла.
Д'ябал у Бога не высудзіў
Тое, што ты мне дала.