СЭРЦА

Яшчэ не ацэнена

Адкрыйся, сэрца, у апошні раз,
Даволі адкрывацца ўсім вятрам,
Праходзіць надакучыла мне праз
Агонь, ваду і тоўшчу медных брам.

Адкрыйся, сэрца, дай мне зразумець,
Хто вораг, а хто самы лепшы друг.
І хто са мной, пакуль на прызбе смерць
Не завяршыла свой няўмольны круг.

Адкрыйся, сэрца, і не спакушай
Мяне на новы малады парыў.
Баіцца растрывожыцца душа
Адной нагой ступіўшы на абрыў.