Шлюб

Яшчэ не ацэнена

Год за годам, дзень за днём,
— Ўсцяж — гадзіну за гадзінай,
Паміж песняй салаўінай
I агідных жабаў крэктам,
Выццем буры, ветра шэптам
I касы смяртэльнай свістам,
Ў бляску полымя агністым
Мы да шлюбу свайго йдзём...

Мусіць скора... Пэўне блізка,
— Чую я ўжо гэты час.
Поўны шчасця і пакрас —
Дзён парвецца нашых нізка,
Дзён, затрутых соллю згуб —
I няпомныя былога,
Ўчуўшы голас горніх труб,
Пойдзем, люба, мы да бога
Браць апошні, вечны шлюб.

Іншыя вершы аўтара