Тэлефануй у час любы...

Яшчэ не ацэнена

Тэлефануй у час любы,
Мой любы.
І калі сорамна нібы –
Вярнуць бы
Прысутнасць губ і мой давер,
Паверыць,
Што не адпраўлю і цяпер
За дзверы.

Тэлефануй у час любы,
Мой любы.
Бо не магу ніяк забыць,
Як згубы,
Табой настоены напой
З любошчаў…
Застацца грэшнаю рабой
Ля Прошчы.

Тэлефануй у час любы,
Мой любы,
Каб ролю жонкі ці рабы
Вярнуць бы…
Ты будзь маім гаспадаром
Ў Гасподзе:
І Сонца самы моцны Гром
Лагодзіць.