Ты ведаеш, розна бывае ў змаганні,
цябе я вітаю з-за крат…
Успомні, дзяўчына, вясну, і каханне,
і сцежкі, і жыта, і сад…
Успомні, як ночы плылі і міналі
пад звонкую трэль салаўя.
Успомні, дзяўчына: тады прысягалі,
што буду я твой, ты – мая.
Хай кінула доля турму, як завалу,
зваліла на сцежак прасцяг,
вер: іскра кахання, што ў сэрца запала,
не згасне ў астрожных мурах.
Калі не загіну ў няроўным змаганні,
на волю зноў выйду з-за крат.
Запомні, дзяўчына, вясну, і каханне,
і сцежкі, і жыта, і сад…