У Вашым голасе квітнеюць астры,
Якіх не бачыў я раней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна...
У Вашым голасе квітнеюць астры,
I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.
Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна —
Ці варты музыкі такой?
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Калі гучаць арфічна Вашы астры
Па-над пустой канцэртнай асакой.
Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай,
Не ведаю і ведаць не хачу.
Запамінаю голас Ваш прыязны:
Нібыта верш, запамінаю астры, —
Па-школьнаму, напамяць іх вучу.
Запамінаю голас Ваш прыязны...
Пакінь, пакінь, глыбокая струна,
Шум глыбіні і неспакой рамансны,
Каб у крыві маёй квітнелі астры...
Кроў — гэта ваза, што не мае дна.