Х.А.
Удзячна, што быў ты, што ёсць,
Далёка і блізка – са мной.
Не муж, не сваяк, і не госць,
Каханы і мілы – не мой.
Зноў знічак зайздрослівы рой
Да стомленых ног упадзе.
А мне варажыць бы з табой…
А як нам сустрэцца і дзе?
Калі, і навошта? Смех
Пачую і твой, і чужы:
Як быццам за жудасны грэх
Распята на вечным крыжы.
Удзячна, што быў ты, што ёсць
Каханы і мілы – не мой:
Не муж, не сваяк, і не госць,
Далёка і блізка – са мной.