ВАР’ЯТКА

Ваша адзнака: Нет (1 голас)

Хай зоркі разгараюцца ў нагах
І сплетніцы нямеюць ад здзіўлення,
Наперакор сабе – ў тваіх руках
Мая журба, мой сорам і сумленне.

Вар’яткай дзікаю мяне лічы,
Лічы за глупства ціхае маленне:
Наперакор табе стамлюся я ўначы
Ля губ тваіх і сэрца на каленях.

Наперакор табе прыйду я ў дождж,
Прымі, як ёсць, дзявочае стварэнне…
Не руш майго вар’яцтва, і ўсё ж
Дай ад яго хоць кропельку збавення.

Дай мне збавенне ад тваіх вачэй,
Ад рук, і ад плячэй, і вуснаў хмелю…
Не ведаю, ці будзе мне лягчэй,
Калі вар’яцтва напалам падзелім.